МЗС Беларусі прапануе правесці незалежную экспертызу “Карты паляка”

Законам “Карта паляка”, прынятым у Польшчы, занепакоенае Міністэрства замежных спраў Беларусі. Яно лічыць, што гэты закон можа дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў нашай краіне.

МЗС Беларусі падкрэслівае, што ён “быў прыняты ў Польшчы без якіх-небудзь папярэдніх кансультацый з нашай дзяржавай”, хоць такія прапановы з беларускага боку былі.

Цяпер Беларусь прапануе правесці незалежную юрыдычную экспертызу гэтага закона, каб высветліць, ці адпавядае ён міжнародным нормам, а да таго часу ўвесці на яго мараторый, паведамляе "Інтэрфакс".

Нагадаем, “карту паляка” плануецца выдаваць усім асобам польскай нацыянальнасці, якія жывуць на тэрыторыі былых рэспублік СССР, і змогуць даказаць наяўнасць сваіх польскіх каранёў. Яны атрымаюць пэўныя льготы, у прыватнасці на лячэнне і навучанне, а таксама права на бясплатную візу ў Польшчы.