МЗС падтрымлівае ідэю стварыць Беларускі дом у Мінску
У Мінску можа з'явіцца Беларускі дом. Такую ініцыятыву вылучыў адзін з чальцоў кансультацыйнай рады па справах беларусаў замежжа пры МЗС нашай краіны. Міністэрства падтрымала гэтую ідэю.
Пра гэта кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей паведаміў 5 верасня на адкрыцці другога пасяджэння кансультацыйнай рады, інфармуе БЕЛТА.
Міністр спаслаўся на тое, што падобныя структуры паспяхова функцыянуюць у многіх суседніх з Беларуссю краінах. Разам з тым Макей лічыць, што прапанова вымагае яшчэ яшчэ ўдакладнення і дэталёвай распрацоўкі.
На яго думку, у будынку маглі б з'віцца музей беларускага замежжа, арганізацыі, якія займаюцца супрацай з беларусамі замежжа, разнастайнымі таварыствамі дружбы, арганізацыямі замежных студэнтаў, якія навучаліся ў Беларусі. Таксама ў Беларускім доме можна было б ладзіць канцэрты, літаратурна-мастацкія сустрэчы, з'езды, канферэнцыі.
Макей папрасіў прадстаўнікоў бізнэсу і арганізацыі беларусаў фінасава дапамагчы гэтаму праекту.
Дарэчы, у замежжы ёсць ужо прынамсі два Беларускія дамы — у Варшаве і Празе. Яны створаныя прадстаўнікамі беларускай палітычнай эміграцыі.