На былога начальніка Мазырскага АБЭЗ пачалі яшчэ адну крымінальную справу

На былога начальніка аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Мазырскага РАУС Дзмітрыя Баранава ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці пачало яшчэ адну справу — за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Міліцыянера падазраюць у "фабрыкацыі крымінальнай справы і інсцэніроўцы атрымання хабару з мэтай штучнага стварэння добрых вынікаў сваёй працы", паведамляе БелаПАН.

У 2006 годзе дырэктару мазырскай навучальнай установы ў момант, калі ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, была падкінутая 1 тысяча долараў ЗША. Мяркуецца, што былы начальнік АБЭЗ сфальсіфікаваў матэрыялы наконт работніка адукацыі ды пачаў крымінальную справу за хабар. Мужчына быў асуджаны ў 2007 годзе, але ўжо выйшаў на волю. Высвятляюцца акалічнасці справы.

Як паведамлялася раней, на Баранава было заведзеная крымінальная справа за перавышэнне ўлады. 12 кастрычніка ён разам са сваімі калегамі паўстаў перад Вярхоўным судом Беларусі. Чатыры супрацоўнікі МУС вінавацяцца ў незаконным паляванні і зборы матэрыялаў, якія кампраметуюць супрацоўнікаў КДБ. Гэтая справа вядома як "паляўнічая".