На Мінскім мясакамбінаце затрымалі двух хабарнікаў
Маладых людзей затрымалі пры перадачы хабару ў 2900 долараў ЗША і ўзялі пад варту.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Следчы камітэт, на абодвух супрацоўнікаў мясакамбіната пачалі крымінальныя справы. Іх падазраюць у падбухторванні да дачы хабару, атрыманні хабараў і дачы хабару ў буйным памеры. Аднаму за затрыманых 23 гады, другому — 28.
Паведамляецца, што абодва падазраваныя былі службовымі асобамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіла вырашэнне пытанняў, звязаных з тэхнічным забеспячэннем вытворчай дзейнасці камбіната. Працяглы час яны падбухторвалі прадстаўнікоў камерцыйных структур да перадачы хабару за падпісанне дамоваў на пастаўкі разнастайнай прадукцыі. Паводле папярэдніх падлікаў, незаконная ўзнагарода, атрыманая падазраванымі, складае каля 60 мільёнаў рублёў.
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка гендырэктара Мінскага мясакамбіната Уладзіміра Лазоўскага абвінавацілі ў атрыманні хабару і ўзялі пад варту.
Фота — nnm.ru