На пажары ў некаторыя вёскі ратавальнікі прыязджаюць за 40-50 хвілін

У асобных раёнах краіны ратавальнікі прыязджаюць на месца здарэння толькі праз 40-50 хвілін пасля выкліку. Гэта выклікана тым, што пасты МНС месцамі знаходзяцца за 30-40 кіламетраў.  Між тым, радыўс абслугоўвання тэрыторыі аварыйна-выратавальнымі падраздзяленнямі павінен быць не большы за 10 кіламетраў. Па словах намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Валянціна Карпіцкага, у краіне не хапае 192 падраздзяленні ратавальнікаў.

Валянцін Карпіцкі: “А што азначае прыехаць за 40 кіламетраў падчас пажару, дзе лік ідзе на хвіліны і секунды, і размова ідзе пра жыцці людзей — казаць не трэба”.

Па яго словах, гэта адна з галоўных праблем, якую Міністэрства плануе вырашыць сёлета.