На сераду ў Беларусі сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень
Дождж, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сераду, 27 траўня, у Беларусі прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Уначы месцамі, а зранку і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні ўмераны, уначы — парывісты. Зранку і ўдзень у многіх раёнах чакаецца моцны парывісты вецер — да 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 7-13 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе прагназуецца 14-16 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе ад +13 па поўначы да +21 градуса па поўдні краіны.
28 траўня захаваецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы. Вецер будзе паўночна-заходні парывісты, уначы месцамі, а ўдзень у многіх раёнах — моцны парывісты.
Уначы тэрмометры пакажуць 3-9 градусаў са знакам "плюс". Удзень чакаецца 10-17 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе Беларусі будзе да +19 градусаў.