На шклозаводзе "Нёман" заробак у тэрмін выдаюць толькі перад выбарамі?

Ужо каля года рабочым бярозаўскага шклозаводу "Нёман" затрымліваюць выплаты заробкаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў рабочы заводу Сяргей Трафімчык.
Трафімчык: "30 чэрвеня рабочыя атрымалі заробак за травень. Хоць першая выдача павінна была быць з 10 па 23. Адзіны раз, калі ў тэрмін выплацілі заробак, быў перад выбарамі. Відаць таму, што дырэктар завода Ігар Бацян балатаваўся ў дэпутаты Бярозаўскага гарсавету і Лідскага райсавету. Паводле калектыўнай дамовы заробак павінны выплачваць 2 разы на месяц, але гэта ўжо даўно не выконваецца."

Адзначым, што ў траўні 2010 года на дырэктара шклозаводу Ігара Бацяна і яго намесніцу па эканоміцы Іну Клішэвіч завялі крымінальную справу. Паводле некаторых звестак, справа была распачатая з-за таго, што цягам 2007-2009 гадоў Бацян і Клішэвіч быццам бы нанеслі прадпрыемству шкоду на суму каля 73 млрд рублёў.