Невядомыя вандалы павалілі ў Гомелі памятны крыж ахвярам рэпрэсіяў

Невядомыя вандалы павалілі праваслаўны крыж, усталяваны ў Гомелі памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў, паведамляе БелаПАН. Крыж усталёўвалі мясцовыя грамадскія актывісты каля трасы Гомель — Чарнігаў за Навабеліцкім раёнам горада. Менавіта там знаходзяцца масавыя захаванні рэпрэсаваных. Крыж паставілі 6 лістапада, а 9 лістапада грамадскія актывісты прыйшлі на гэтае месца разам з праваслаўным святаром, каб асвяціць гэты памятны знак. Але крыжа не было на месцы, ён ляжаў сярод апалага лісця і смецця. Гомельскія актывісты не ведаюць, хто гэта зрабіў, але лічаць, што такое здарэнне сведчыць пра духоўны ўзровень жыхароў горада.

Знойдзены крыж усё ж быў асвечаны і яго зноў збіраюцца ўсталяваць.