Ніхто з "Вясёлкі" не прыйшоў "падтрымаць" Ігара Лялькова ў дзень выбараў

У Маладзечне датэрмінова прагаласавала звыш 40% ад усіх выбарцаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які зарэгістраваны ў Маладзечанскай выбарчай акрузе ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінскага аблсавета. Ігар Лялькоў: “На тых участках, па якіх мы сёння праехалі, датэрмінова прагаласавала ад 28 да 48% выбарцаў. Сярэдняя лічба выходзіць каля 40%”.

Былі адзначаныя і два парушэнні. На выбарчым участку, які месціцца ў сярэдняй школе №8 Маладзечна, калега Лялькова па партыі Ян Лагвіновіч, кандыдат у дэпутаты Маладзечанскага райсавета, бачыў, як двум хлопцам, якія толькі прыйшлі прагаласаваць, сказалі, што ў адпаведнасці са спісамі яны ўжо прагаласавалі. І даказаць нешта старшыні выбарчай камісіі яны не змаглі. А каля музычнай вучэльні некуды таемна зніклі плакаты з выявай Ігара Ляльковым. Куды — ніхто не ведае.

Еўрарадыё пацікавілася ў кандыдата, ці прыходзілі нейкім чынам падтрымаць яго ў дзень галасавання хто-небудзь з суполкі пад назвай “Вясёлка”. Нагадаем, што некалькі дзён таму ў Маладзечна з’явіліся ўлёткі нібыта напісаныя сябрамі мясцовай гей-суполкі “Вясёлка”, якія выказаліся ў падтрымку кандыдата ад БНФ. Той гэта расцаніў як правакацыю і накіраваў заяву ў пракуратуру.

Па словах Лялькова, нікога з гэтай таемнай суполкі ён сёння каля выбарчых участкаў не бачыў.