Нямецкі амбасадар: Я называю вашую краіну “Беларусь”, а не “Вайсрусланд”

На паслявыбарнай вечарынцы, якую зладзіла ў нядзелю амбасада Нямеччыны ў Мінску, многія звярнулі ўвагу, што амбасадар Вальфрам Маас у прамове называў нашую краіну “Беларусь”, а не “Вайсрусланд” (як пераважная большасць немцаў).



Вядома, што многія беларусы крыўдуюць на “вайсрусланды”, “віттэрусланды”, “балтарусіі” ды іншыя назвы нашай краіны ў замежных мовах. Еўрарадыё пацікавілася ў спадара амбасадара, ці свядома ён называе нашую краіну так, як мы самі, а не большасць ягоных суайчыннікаў?



“Калі я вучыўся, то чытаў, што Беларусь гэта “Вайсрусланд”, — патлумачыў Вальфрам Маас. — Але калі я прыехаў у вашую краіну, то пачуў, што людзі кажуць тут — "Беларусь". І прыгадаў, як 20-30 гадоў таму сам надаваў вялікае значэнне таму, каб людзі паўсюдна называлі нашую краіну правільна — Нямеччына, а не ФРГ. У роўнай ступені я паважаю жаданне беларускага народа называць яго краіну гэтак, як ён гэтага хоча”.



Кажучы пра непажаданы варыянт “ФРГ”, Маас патлумачыў, што гэта адсылае людзей да таго часу, калі былі дзве нямецкія дзяржавы — ФРГ і ГДР. Але з 1989 года, часу аб’яднання гэтых утварэнняў, падзел страціў актуальнасць, бо зноў з’явілася адна краіна — Нямеччына. І хоць сёння фармальна Нямеччына і называецца Федэратыўная Рэспубліка Германія, аббрэвіятуры ФРГ самі немцы ўзяляк пазбягаюць.



Фота — mc.rs