Па факце пажару на нафтабазе пад Кіевам завялі крымінальную справу

Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны распачало крымінальную справу па факце пажару на нафтазабе пад Кіевам. Расследаванне павінна выявіць асобаў, адказных за экацыд — дзеянні, якія маглі прывесці да экалагічнай катастрофы.

Як заявіў у эфіры ўкраінскага 5 канала начальнік Галоўнага следчага ўпраўлення СБУ Васіль Воўк, плануецца высветліць, наколькі законным было размяшчэнне нафтабазы непадалёк ад Кіева, а таксама праверыць гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства. У прыватнасці, следчыя падазраюць уладальнікаў нафтабазы ў падробцы бензіну.

Сваё расследаванне па факце гэтага здарэння ладзіць таксама украінскі МУС і мае свае напрацоўкі, перадае УНІАН.

Пажар на нафтабазе ў Васількаўскім раёне Кіеўскай вобласці пачаўся ўвечары 8 чэрвеня. З-за ўзгарання там адбылося некалькі выбухаў. Да сёння няма інфармацыі пра поўную ліквідацыю агню. У глебу і ў паветра трапіла ад 8,5 да 25 тысяч тон нафтапрадуктаў.

Фота: REUTERS