Пачаўся архіерэйскі сабор РПЦ, які выбярэ трох прэтэндэнтаў на патрыярха

Архіерэйскі сабор Рускай Праваслаўнай Царквы адкрыўся ў нядзелю ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы. Ён мусіць тайным галасаваннем выбраць з 145 іерархаў трох прэтэндэнтаў на патрыяршы прастол.
У Маскоўскім патрыярхаце не выключаюць, што вынікі галасавання будуць вядомыя ўжо сёння вечарам. У адпаведнасці са статутам РПЦ, на пасаду патрыярха могуць прэтэндаваць архіерэі, якія дасягнулі 40 гадоў, маюць вышэйшую багаслоўскую адукацыю і досвед кіравання епархіяй.

Як адзначае ИТАР-ТАСС, упершыню ў гісторыі РПЦ роўныя правы маюць і грамадзяне іншых краін, якія хочуць стаць кандыдатамі. Сярод прэтэндэнтаў называецца кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Філарэт.

Канчатковае галасаванне па кандыдатурах кандыдатаў правядзе Памесны сабор, які адкрыецца ў Маскве 27 студзеня. Ад Беларусі на яго дэлегаваныя 46 чалавек, нагадвае БЕЛТА.