Пад Пружанамі знайшліся афрыканскія фермеры Антунет і Тэран Маціс Уолес

Яны гадуюць авечак, робяць пончыкі і гарбату з афрыканскіх зёлак, вучаць сваіх дзяцей мове афрыкаанс і англійскай
У аддзеле сельскай гаспадаркі Пружанскага гарвыканкама карэспандэнту Еўрарадыё паведамілі, што фермер Тэран Маціс Уолес будуе ў Пружанах кавярню “Афрыка” з нацыянальнымі стравамі.

Загадчык аддзела Пружанскага выканкама цешыцца: - Запросім іх на фестываль нацыянальных культураў. Бо гэта ж цікава: новая афрыканская культура.

Да Купліно, былога ваеннага гарадка, ад Пружанаў кіламетраў шэсць. Цяпер тут месцяцца склад і некалькі гаспадарак, у тым ліку гаспадарка Ўолесаў. У Тэрана і Антунет трое дзяцей. Сам Тэран з сям’і бураў, выхадцаў з Еўропы. У яго францускія карані, у яе - італьянскія. 

Фермер Уолес сустрэў на парозе доўгай нізкай казармы, якая знутры выглядала нашмат лепш чым звонку. Антунет узялася накрываць афрыканерскі стол, Тэран атрымаў ад карэспандэнта Еўрарадыё абяцаны падарунак - інфармацыю пра кажушніка з Моталя, і мы селі пагаманіць.

ЕРБ: - Я ведаю, што ў ваколіцы калгасы на авечках прагарэлі. Колькі ў вас авечак цяпер, і як удаецца выжыць на рынку?

Тэран Уолес:
– Паставіў на зіму 130 галоваў. Прадаю збольшага ў Мінск, там бяруць гуртом на мяса ў рэстарацыі. Можна сказаць яшчэ, што дзякуючы горкаму досведу калгасаў мы цяпер ведаем, якія лекі авечкам даваць. Так што і калгасы могуць вяртацца ў справу. Спрабую яшчэ завесці кароў. Маем 2 дойных, усяго 11. Парасят купілі для ўласных патрэбаў.

ЕРБ: – А кажухі рабіць і збываць у Расію не спрабавалі?

Тэран Уолес: – Выходзіць так, што кошт тамтэйшых сібірскіх роўны з нашымі, а перавозка дае мінус.

ЕРБ: – Тэран, чаму вы прыехалі ў Беларусь?

Тэран Уолес:
– Мы даўно хацелі ў свет выехаць, як пабраліся шлюбам. Бог адкрыў дарогу. Паглядзелі: адкрылася вялікая Расія. Для нас тады гэта ўсё была Расія, Савецкі Саюз. Выбралі Беларусь. Спачатку працавалі ў Кобрыні, потым тут. 

Уолесы зрэдку ездзяць на радзіму, ён у Намібію, яна крыху далей - у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Змены на радзіме не да лепшага: пасля адмены апартэіда ў белых фермераў часта рэквізуюць зямлю ды інвентарый.

Прысутны за бяседай паэт-пчаляр, філосаф Мікола Папека цытуе Канта: - Найпершы набытак - гэта набытак зямлі. Беларусам цяжка ацаніць такую страту.

ЕРБ: – Я чуў, вы дапамагаеце тутэйшым людзям, соткі ўвесну саджаеце, восенню выкопваеце?

Тэран Уолес: – Бывае. Я не хацеў адзін час. Але ж чалавек прыходзіць, просіць: калі ласка. Нельга адмаўляць. Мы таксама сок людзям ціснем, ёсць машынка.

ЕРБ:
– Вось фермер з “Зубра” (я фільм расійскі пра вашу і ягоную гаспадаркі бачыў) атрымлівае пастаянна датацыі.

Тэран Уолес: – Адзін толькі раз, напачатку, паўтоны азотнага ўгнаення нам далі. А фільм той некарэктны. Наздымалі і потым зляпілі абы што, канфрантацыю.

Журналісты Уолесам надакучылі. Цыклічныя налёты, кажа Антунет. Якраз прыехала тэлебрыгада з СТВ. Тэран паддаўся лёсу і пайшоў да іх у двор. Потым дома рэпарцёрка СТВ хацела схіліць Антунет, каб тая назвала сваё кафэ «Бярозка»:

Карэспандэнтка СТВ:
– Дык кафэ “Бярозка” называцца будзе?

Антунет
: – Не. “Афрыка”.

Калега: – А ж вы любіце бярозкі нашыя? Там можа элементы якія ад іх будуць?

Антунет:
– Мы мелі праблему. У райвыканкаме баяліся, што мы, калі будзем ставіць нашу “Афрыку”, спілуем там бярозы. Але мы ўсе іх пакінулі.

У будучым кафэ будуць падавацца афрыканерскія пончыкі – іх фаршуюць дробна парэзанай ялавічынай. Спадабаўся карэспандэнту торт і гербата з афрыканскіх зёлак.

Антунет псіхолаг, сама вучыць сваіх дзяцей. Родная мова афрыкаанс, аднак вучаць і англійскую. На радзіме ва ўніверсітэтах рабочыя абедзьве мовы. 

Сам гаспадар кажа, што моцна стаміўся: – Аднойчы стаю я са знаёмым міліцыянерам. І ён мне кажа: а ведаеш, Тэран, цяжкая твая праца. Я табе не зайздрошчу. Дык я потым толькі ацаніў, наколькі гэта правільна.  



На здымку: будучая кавярня звонку



На здымку:
будучая кавярня ўнутры.



На здымку:
у авечай кашары.



На здымку: Ленін на новай радзіме Ўолесаў.

Здымкі Паўла Грыня