А. Патупа: Перамовы з уладамі наконт 760-га ўказа могуць быць адноўлены

Уся адказнасць за сітуацыю, якая прывяла да “нервовага выбуху” – выхаду прадпрымальнікаў на вуліцы – ляжыць цалкам на ўладзе. Такую заяву ў інтэрв’ю Еўрарадыё зрабіў экс-старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа. Ён асуджае рэпрэсіі, накіраваныя на арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі. У той жа час Патупа лічыць, што перамовы з уладамі могуць быць адноўленыя:

“Аддаючы даніну павагі ўдзельнікам акцыі, тым не менш, лічу, што вельмі малаверагодна, што менавіта гэтыя акцыі на нешта могуць паўплываць і нешта змяніць. Але пакуль, нягледзячы на тое, што пункт 1.1 указа 760-га з 1 студзеня ўступіў у сілу, усё роўна з нашага боку робяцца высілкі, так бы мовіць, на палітычным узроўні, каб гэтую сітуацыю неяк змяніць… Я думаю, што перамовы па гэтым пытанні мы ў бліжэйшы час адновім”.

Аляксандр Патупа нагадвае, што раней перамовы былі перапыненыя з-за пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі, які выказаўся супраць змянення пункта 1.1 указа.

Патупа кажа, што яго вельмі трывожыць інфармацыя пра распачатую крымінальную справу “па факце масавых беспарадкаў”, бо па ёй “можна любую колькасць людзей цягаць, прыцягваць і саджаць”. Гэта вельмі кепскі сігнал, лічыць ён.

Аляксандр Патупа спадзяецца, што на адноўленыя перамовы будзе запрошаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў.