Пецярбургскія дэпутаты пратэстуюць супраць правядзення "Еўрабачання"

Дэпутаты пецярбургскага заканадаўчага сходу прынялі ў сераду, 11 чэрвеня, запыт да Валянціны Матвіенка, у якім яны пратэстуюць супраць правядзення конкурсу "Еўрабачанне" у Санкт-Пецярбургу. Як паведамляе "Фонтанка.ру", у дакуменце сцвярджаецца, што музыка, якая выконваецца на дадзеным конкурсе, маральна раскладае моладзь.

Па дадзеных народных абраннікаў, у месцах правядзення "Еўрабачання" у тыя дні, калі яно праходзіць, у некалькі разоў павялічваецца аб'ём наркагандлю. "Конкурс "Еўрабачанне" збярэ ў нас п'яніц і наркаманаў з усяго Еўрасаюза", - цытуе ўрывак з дакумента “РИА Новости”.

Акрамя таго, дэпутаты лічаць, што арганізацыя гэтага мерапрыемства ў Санкт-Пецярбургу будзе цяжкай нагрузкай для гарадскога бюджэту.

Расійскі спявак Дзіма Білан перамог на "Еўрабачанні" у Бялградзе ў ноч з 24 на 25 траўня 2008 году. Па правілах конкурсу, наступнае "Еўрабачанне" павінна прайсці ў Расіі. 27 траўня Валянціна Матвіенка прапанавала правесці яго не ў Маскве, а ў Санкт-Пецярбургу.

"Фонтанка.ру" нагадвае, што за правядзенне конкурсу спачатку выступіў і пецярбургскі заканадаўчы сход. Адразу пасля перамогі Білана дэпутаты накіравалі зварот да кіраўніцтва дзяржавы з просьбай правесці "Еўрабачанне-2009" у Санкт-Пецярбургу.

Дэпутат Яўген Марчанка, які стаў ініцыятарам звароту да Матвіенка, растлумачыў першую рэакцыю сваіх калег тым, што тыя занадта эмацыйна ўспрынялі перамогу Білана, якая рушыла за перамогамі "Зеніту" і расійскай зборнай па хакеі.

Фота: www.bilandima.ru