Першыя амерыканскія ракеты Patriot прыбылі на ўсходнюю мяжу Польшчы

24 траўня батарэя амерыканскіх ракет Patriot афіцыйна прыбыла на базу ў польскі горад Моранг, у 80 кіламетрах ад расійскай мяжы, інфармуе Onet.pl. Міністр абароны Польшчы Богдан Кліх заявіў, што пры рашэнні пра стварэнне базы не мела значэння, што Моранг знаходзіцца недалёка ад расійскага Калінінграда.

У адпаведнасці з дамовай, у Польшчы створаная часовая база амерыканскіх войскаў, якая пасля 2012 года стане пастаяннай. На базе размешчаныя амерыканскія ракеты ПВА Patriot, пазней з'явяцца і ракеты SM-3 (Standard Missile), якія могуць ужывацца для знішчэння балістычных ракет.

Нагадаем, 11 снежня ў Варшаве была падпісаная польска-амерыканская дамова пра статус войскаў ЗША на тэрыторыі Польшчы (дамова SOFA). МЗС Расіі ў красавіку выказаў занепакоенасць планамі ЗША па размяшчэнні ракеты Patriot у Польшчы.