Польскі эксперт: беларускія пілоты, магчыма, пераацанілі свае магчымасці

Некаторыя эксперты мяркуюць, што загінулыя лётчыкі мелі малы налёт гадзінаў паводле стандартаў NATO, а беларускія самалёты — састарэлыя. Беларускі бок сцвярджае, што з гэтым праблемаў не было 30-га жніўня на авіяшоў у польскім горадзе Радаме разбіўся беларускі знішчальнік СУ-27. Падчас аварыі загінулі два нашыя лётчыкі намеснік камандуючага Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання вайскова-паветраных сілаў 53-гадовы палкоўнік Аляксандр Марфіцкі  і намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах 46-гадовы палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч.

Адразу ж пасля трагедыі пачалі з’яўляцца версіі пра яе прычыны.

Літаральна праз некалькі гадзінаў пасля трагедыі, на сайце Міністэрства абароны Беларусі, з’явілася першая афіцыйная версія. Яе ж агучыў і начальнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык:

"Па папярэдняй версіі, прычынай таго, што адбылося, з’яўляецца пападанне птушкі ў паветразаборнік рухавіка”.

Праўда, версія гэтая пакуль не пацверджаная афіцыйна, абставіны аварыі вывучае спецыяльная камісія. Затое паралельна пачаў узнікаць шэраг іншых меркаванняў пра прычыны катастрофы.

У інтэрв’ю польскаму тэлебачанню TVP info эксперт па справах авіяцыі Станіслаў Бжег-Велуньскі, распавёў, што прычынаю трагедыі маг паслужыць чалавечы фактар, а менавіта, слабая падрыхтаванасць беларускіх пілотаў.

Станіслаў Бжег-Велуньскі: “Беларускія пілоты маюць вельмі маленькі налёт гадзінаў паводле стандартаў NATO. Гэта не пілоты, якіх кіраўніцтва песціць, даючы ім магчымасць паказаць тое, што сапраўды яны могуць зрабіць. І гэта не залежыць ад таго, ёсць гэта адзінкі унутраныя, ці такія, якія часам бываюць за мяжою”.

Падобнае меркаванне у інтэрв’ю TVP info выказаў і эксперт Барташ Главацкі. На думку лётчыка, беларускія пілоты, спрабуючы здзівіць заходнюю публіку, пераацанілі свае магчымасці.

Барташ Главацкі:
“Хутчэй яны проста пераацанілі свае магчымасці, зашмат хацелі паказаць, хацелі прэзентаваць вельмі эфектыўны манеўр, з выхадам з пятлі у апошніх долях секунды”.

Праўда з такімі меркаваннямі катэгарычна не згаджаецца Вячаслаў Раменчык. Па яго словах, нашыя пілоты былі вышэйшага узроўню, а таму і версія з чалавечай памылкай малаверагодная.

Вячаслаў Раменчык: “Я вам проста прыклад прывяду — у палкоўніка Марфіцкага 2700 гадзінаў налёта. Мяркую, што гэта значна болей, чым стандарт NАTO”.

Праўда, паводле інфармацыі камандавання вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны Беларусі, якую цытуе БелаПАН, Аляксандр Марфіцкі за сваю кар’еру налятаў 2500 гадзінаў, а Аляксандр Жураўлевіч — каля 1600. Вось толькі стандарты NАTO, пра якія кажа Раменчык складаюць 160-180 гадзінаў на год.

Адхіляе Вячаслаў Раменчык і версію пра састарэласць нашых самалётаў. Па яго словах, СУ-27 на сённяшні дзень адныя з самых надзейных самалётаў у свеце.

Вячаслаў Раменчык: “Самалёт СУ-27 да сённяшняга дня з’яўляецца найлепшым знішчальнікам у свеце. Дадзены самалёт, гэта самалёт 4+, то бок самалёт, які знаходзіцца на ўзбраенні ў пераважнай большасці краінаў свету”.

Польскі эксперт Станіслаў Бжег-Велуньскі згаджаецца з тым, што СУ-27, які зараз выпускаецца ў Расіі, — якасная і сучасная машына. А вось што датычыцца самалётаў, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай авіяцыі, — эксперт мае сур’ёзныя сумневы.  

Станіслаў Бжег-Велуньскі для TVP info: “Беларускія самалёты СУ-27 гэта вельмі старыя версіі. Яны вельмі моцна адрозніваюцца ад таго, што зараз Расія робіць для Кітаю, для Індыі, для Венесуэлы і для ўласных узброеных сілаў. Гэта самалёты, якія маюць па 20 і больш гадоў, без сістэмы штучнай дапамогі. Таму іх нельга параўнаць ані з Ф-16, якія мы ўжываем, ані з СУ-34 і СУ-30”.

Самалёт СУ-27 ужо не першы раз фігуруе у зводках трагедыяў на авіяшоў. Два тыдні таму ў подмаскоўным Жукоўскім сутыкнуліся два такія самалёты. Тады загінуў адзін з пілотаў. Але найбуйнейшая трагедыя з удзелам СУ-27 адбылася сем гадоў таму ў Львове. Тады знішчальнік украінскіх паветраных сілаў падчас выканання манеўраў над галовамі гледачоў заглох, урэзаўся у натоўп людзей і ўзарваўся, загінулі дзесяткі людзей. Лётчыкі паспелі катапультавацца.

Беларускія афіцэры Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч не катапультаваліся, а цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад бліжэйшага населенага пункта.

Фота — poczobut.livejournal.com