Працяг крымінальнага пераследу маладофронтаўцаў будзе ў Полацку

27 сакавіка (чацвер) у Полацку, у гарадскім судзе, пачнецца судовы працэс над моладзевай актывісткай Касяй Салаўёвай. Пра гэта "Нашай ніве" паведаміў ейны калега Аляксей Янушэўскі. Кася, якую 23 студзеня 2008 г. адлічылі з Полацкага ўнівэрсытэту, дзе яна навучалася на 2-м курсе гісторыка-філалагічнага факультэту, абвінавачваецца паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса РБ "удзел у незарэгістраванай арганізацыі" "Малады фронт". 20-гадовая дзяўчына кіруе полацкай філіяй арганізацыі.

Нагадаем, паводле гэтага артыкулу ўжо судзілі дзевяць маладафронтаўцаў, улучна з іх кіраўніком Змітром Дашкевічам. Дашкевіч і атрымаў у лістападзе 2006 г. найбольшае пакаранне – 1,5 году калёніі.

Пры канцы траўня 2007 г. прайшоў "Працэс пяці", калі судзілі Змітра Хведарука, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку і завочна Аляксея Янушэўскага. Тады абышлося вялікімі штрафамі.

У верасні прайшлі суды над рэгіянальнымі актывістамі МФ - Настай Азаркай, Іванам Шылам, Яраславам Грышчэнем.