Пракуратура Мінска: у школах трэба паставіць электронныя прахадныя

Пракурор сталіцы Сяргей Хмарук накіраваў старшыні Мінгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку інфармацыйную запіску аб выніках праверкі выканання заканадаўства аб ахове жыцця, здароўя і захаванні маёмасці навучэнцаў у часе адукацыйнага працэсу, паведамілі БЕЛТА ў Генпракуратуры.


У дакуменце змешчаныя некаторыя прапановы наконт захавання бяспекі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. У тым ліку гаворка вядзецца пра сістэмы відэаназірання і электронныя прапускныя сістэмы. Таксама сказана пра неабходнасць шырэй выкарыстоўваць патэнцыял апякунскіх саветаў і бацькоўскіх камітэтаў дзеля развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыі навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі.



Інфармацыйная запіску накіраваная пасля таго, як органы пракуратуры правялі адпаведныя праверкі. Яны выбарачна наведалі 98 установаў адукацыі Мінска і ў 39 з іх выявілі парушэнні. Напрыклад, там не заўсёды абмяжоўваецца доступ пабочным асобам. Электронныя прахадныя і сістэмы відэаназірання стаяць толькі ў нязначнай колькасці ўстановаў.