Пракуратура спагнала 125 тысяч рублёў з трох кампаній за рэкламу на гістарычных будынках

Мінск, ілюстрацыйнае фота

Мінск, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

Пракуратура Савецкага раёна Мінска выявіла парушэнні пры выкарыстанні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў сталіцы.

Выявілася, што ў 2025 годзе тры прыватныя кампаніі выкарыстоўвалі аб'екты са статусам гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Згодна з законам такое выкарыстанне лічыцца непасрэдным уздзеяннем на іх. У адным выпадку гаворка ішла аб размяшчэнні рэкламы на фасадах, у іншым — аб выкарыстанні аб'ектаў не для тых функцый, для якіх яны гістарычна прызначаліся.

Заканадаўства прадугледжвае, што кампаніі і прадпрымальнікі, чыя дзейнасць аказвае непасрэдны ўплыў на гісторыка-культурныя аб'екты ці іх ахоўныя зоны, абавязаныя пералічваць частку прыбытку ў фонд Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва. Для юрыдычных асобаў гэта 5% ад прыбытку, атрыманага ад адпаведнай дзейнасці.

У выніку патрабавання пракуратуры фірмы пералічылі ў спецфонд больш за 125 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.