Студатрад у Магілёве назвалі ў гонар глазураванага сырка і Героя Савецкага Саюза
Студатрад "Лёва" — у матэрыялах Магілёўскага палітэхнікума / t.me/MAYDAYMog
У Магілёўскім палітэхнікуме з'явіўся студатрад з незвычайнай назвай, заўважылі праваабаронцы з MAYDAY.
Магілёўская фабрыка марозіва запрасіла навучэнцаў палітэхнікума ўлетку на сезонную падпрацоўку. Ім прапанавалі сфармаваць студатрад для работ па ўпакоўцы і пагрузцы прадукцыі ў халадзільніках.
Навучэнцы стварылі студатрад і назвалі яго ў гонар галоўнай прадукцыі фабрыкі — глазураванага сырка і марозіва "Лёва".
Аднак у справу ўмяшаліся ідэолагі. Атрад быў сфармаваны напярэдадні чарговай гадавіны вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму яму надалі яшчэ і імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Вахненкі, які ў 1944 годзе фарсіраваў Днепр пры наступе савецкіх войскаў.
Цяпер афіцыйная назва фармавання гучыць так: атрад "Лёва" імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Вахненкі. Пад такой назвай ён праходзіць і ў матэрыялах Магілёўскага палітэхнікума.