Прозвішча, імя або імя па бацьку змянілі сёлета больш за тысячу мінчукоў

Прозвішча, імя або імя па бацьку змянілі сёлета больш за 1100 мінчукоў. Агулам за 9 месяцаў 2009 года Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама разгледзела 1138 справаў па змене грамадзянамі пашпартных звестак, інфармуе "Мінск-Навіны". Прыкладна столькі ж зваротаў паступіла за аналагічны перыяд летась. Значную частку зваротаў складаюць заявы жанчын з просьбай вярнуць дашлюбнае прозвішча альбо наадварот — узяць прозвішча мужа пасля сумесна пражытых гадоў. Вернікі просяць змяніць свецкае імя на дадзенае пры хрышчэнні.

14 мінчукоў атрымалі адмовы ў змене пашпартных звестак. У адных выпадках камісія не палічыла іх прычыны досыць аргументаванымі. У іншых грамадзяне не згадалі ў заяве, што маюць непагашаную ў прызначаным законам парадку судзімасць альбо знаходзяцца пад следствам.