Рацыянальная дыета: Цяпер мы наблізіліся да року, а там – не да імправізацый!

Гурт “Рацыянальная дыета” з’явіўся на гэтым свеце 10 гадоў таму і адразу запрэтэндаваў на вольнае Vip-месца ў музычным паветры Беларусі. Першыя выступы-перформансы гурта выклікалі цікавасць прагрэсіўнага Брэста да мастацкіх незвычайнасцяў і незразумеласцяў стваральнікаў ідэалогіі, заснаванай на прынцыпах Сумневу, Змены, Развіцця і Руху, што ў выніку выліваецца ў нязменны атрыбут творчасці “Рацыянальнай дыеты” – імправізацыю...
Праз 10 гадоў з таго моманту Віталь Эпаў – адзін з заснавальнікаў “Рацыянальнай дыеты” распавёў Еўрардыё пра змены ў гучанні, канцэпцыі і падыходзе гурта да імправізацыі, падзяліўся сваімі думкамі наконт стану сучаснай беларускай кампазітарскай школы і безвыходнасці выдання музыкі “Рыцыянальнай дыеты” у Беларусі.“...


Мы вярнуліся ў каляю, з якой у 99-м стартавалі... ”



ЕРБ:
Гурт “Рацыянальная дыета” – адзін з самых вядомых эксперыментатараў у Беларусі. Цяпер вы падрыхтавалі да выхаду новы дыск. Да чаго дайшлі на гэты раз вашы эксперыменты?

Віталь Эпаў(В.Э.): Лічу, што гэта не зусім эксперыменты, хутчэй, адзін з этапаў развіцця музычнай думкі. Калі раней мы гралі больш камерным складам і называлі нашу музыку новай камернай музыкай, то цяпер мы наблізіліся да року, далучыўшы бас-гітару і бубны. Увогуле ў гурце 8 чалавек. Па вялікаму рахунку мы вярнуліся на каляю, з якой у 99-м стартавалі. Ну і з’явіўся ў нас новы падыход да музыкі, больш прадуманы. Мы адмовіліся ад імправізацыі, калі параўноўваць новы дыск з папярэднімі. Цяпер мы засяродзіліся на замкнутай думцы...







Пра імправізацыю і Віктара Жыбуля...


ЕРБ: Большасць музыкаў гурта маюць вышэйшую музычную адукацыю. Ваша музыка ўяўляе сабою спалучэнне класічных і сучасных музычных элементаў. Некалі вы актыўна імправізавалі. Ці па-ранейшаму імправізацыя мае вядучую ролю ў вашых пошуках?

В.Э.: На канцэртах, вядома, мы імправізуем, то бок робім вялікія кампазіцыі, якія складаюцца з адвольных кавалкаў, што плануюцца раней, у час рэпетыцый. Яны, дарэчы, плануюцца не гукавысотна, а менавіта ў канцэпцыйным плане. Таксама мы запрашаем паэтаў, напрыклад, Віктара Жыбуля, Веру Бурлак, вельмі часта разам з імі выступаем, ствараючы канцэрты-перформансы, у выніку чаго інструментальны атлібітум арыентаваны на тэкст. Аднак, хачу падкрэсліць, што на альбомах мы паступова адыходзім ад празмернага выкарыстоўвання імправізацыі. Тут яна выконвае ролю пераходаў ад адной лагічнай часткі да наступнай...

ЕРБ: Раней вы пазіцыянавалі сябе інструментальным гуртом з мінімальным выкарыстаннем вакалу. Наколькі я разумею, цяпер пазіцыі змяніліся?

В.Э.: Вакал займае ў нашай музыцы не апошнюю пазіцыю. Аднак нельга сказаць, што мы спяваем песні...

ЕРБ: Гэта нейкія вакалізы?

В.Э.: Не, гэта не вакалізы і не рамансы, а своеасаблівыя песні на вершы Хармса, дарэчы, аднаго з нашых улюбёных аўтараў, таксама на вершы Віктара Жыбуля – беларускага авангарднага паэта і цікавага чалавека. А выконвае іх нашая клавішніца Вольга Падгайская.






З’яўленне загадкавага італьянца


ЕРБ: Наколькі запатрабаванай з’яўляецца ваша незвычайная музыка? Ці часта выязджаеце з канцэртамі?

В.Э.: Выязджаем, на жаль, не часта, недзе раз на паўгода. Калі некуды едзем, як зараз, напрыклад, пад Маскву на нейкі Open air, дык граем няпоўным складам. Плануецца паездка ў Еўропу. Наш выдавец-італьянец хоча нам арганізаваць турнэ. Толькі чамусьці ў яго гэта пакуль не атрымліваецца. Аднак, з выхадам новага альбома, магчыма, усё здарыцца.

ЕРБ: Дарэчы, якім чынам вы выйшлі на гэтага італьянца?

В.Э.: Італьянец вельмі загадкавы. Ён сам з’явіўся. Перад гэтым нас выдалі ў кракаўскім інтэрнэт выдавецтве “Аudio-ton”, дзякуючы Марціну Барскаму. У асноўным гэты лейбл займаецца эксперыментальнай электроннай музыкай. Выдаў ён таксама дыск такога вядомага гурта, як “Faust”... І вось яны змясцілі на сваім інтэрнэт-лейбле нашу музыку, пасля чаго мы сталі атрымліваць лісты, у якіх людзі цікавіліся нашымі запісамі. І вось з’явіўся італьянец, які спачатку хацеў напісаць на нас рэвю, а потым аказалася, што ён - дырэктар італьянскага лейбла “Alt-rock”. Пасля перамоваў ён вырашыў нас выдаць. Мы рабілі ўжо пробную версію, і цяпер рыхтуем да выдання другі дыск, які, спадзяюся, летам убачыць свет.







“...У Беларусі ёсць 2 падыходы да музыкі: ці ты спяваеш па-беларуску, ці пішаш музыку ў стылі афіцыйнай поп-культуры...”


ЕРБ: Віталь, а ці існуе ў вас жаданне выдавацца на Радзіме? Ці, на ваш погляд, эксперыментальная музыка больш запатрабаваная і зразумелая на Захадзе?

В.Э.: Справа ў тым, што мы спрабавалі выдаць дыск у Беларусі, аднак сутыкнуліся з жорсткім непаразуменнем з боку выдаўцоў: альбо патрабуюць выключна беларускую мову тэкстаў песень, альбо вядома якую стылістыку. Усё-ткі ў Беларусі ёсць 2 падыходы да музыкі: ці ты спяваеш па-беларуску, ці пішаш музыку ў стылі афіцыйнай поп-культуры. Вядома, мы не падпадаем пад гэтыя крытэры... Праўда, мелі мы яшчэ магчымасць выдаць альбом у Расіі, аднак вырашылі, што Італія – краіна, якая акурат падыходзіць для адчування такой музыкі. Мы б хацелі выдаць дыск дзе-небудзь у Маскве дзеля таго, каб распаўсюджваць нашу музыку па краінах былога СССР, бо італьянскія дыскі набыць тут практычна немагчыма: яны і каштаваць будуць вельмі дорага, ды і давядзецца заказваць іх праз Інтэрнэт.


Кансерваторыя і кампазітары...


ЕРБ: Вы – прафесіяналы, музыкі-інтэлектуалы. Ваш слухач — такі ж інтэлектуал?

В.Э.: Мы б хацелі, каб публіка была рознай, але, як вядома, слухач сам выбірае сабе музыку. У асноўным, на нашы канцэрты прыходзяць людзі, якія цікавяцца сучаснай культурай. Таксама, што дзіўна, прыходзіць шмат кансерваторскіх, хоць мы ўсяляк спрабуем пераадолець гэтую кансерваторшчыну... Рэгулярна прыходзяць прафесары Акадэміі музыкі, напрыклад, нашы прагрэсіўныя кампазітары, з якімі мы сябруем: Галіна Гарэлава, Кузняцоў - мы заўсёды рады іх бачыць. Яшчэ моладзь розных узростаў нас слухае, нават дзядулі...

ЕРБ: Наколькі ў вашым выпадку дапамагае кансерваторская прафесійная адукацыя?

В.Э.: Дастаткова моцна, паколькі аблягчае для нас працэс развучвання музычных твораў, якія не маюць квадратнай структуры, там шмат усяго прадуманага і на словах не проста растлумачыць тое, як трэба граць... Гэтае тлумачэнне расцягнулася б на вялікі прамежак часу...

ЕРБ: Вы пішыце партытуры?

В.Э.: Так, можна сказаць, што гэта партытуры, партыі, якія, вядома, не з’яўляюцца нейкім канчатковым прадуктам. Ён можа моцна быць выпраўленым на рэпетыцыях: кожны дадае сваё, сачыняецца нешта яшчэ, і ў выніку твор мае зусім іншы характар. Для нас важна, каб твор меў псіхалагічны падтэкст і меў глыбінны сэнс. Твор у нашым выпадку не з’яўляецца музыкай дзеля музыкі, гэта прадукт нашага мыслення, выраз нашага мыслення... Дарэчы, мы доўга шукалі шляхі да канцэпцыі нашай музыкі, аднак магу сказаць, што яна ўжо намацваецца, прыкладныя кропкі нашага імкнення мы інтуітыўна адчуваем.


Сакрэтныя кропкі...


ЕРБ: І што гэта за такія кропкі?

В.Э.: Пакуль пакіну гэта ў сакрэце. Аднак, што дакладна, гэтыя кропкі з кожным альбомам усё больш выяўляюцца, ва ўсялякім разе мы спрабуем адшукаць нешта сваё, і час ад часу яны праскокваюць, як, напрыклад, у гэтым альбоме. Аднак зноў жа гэта псіхалагічны момант... Мы ўсяго толькі выказваем тое, што вакол нас з дапамогай музыкі, а не слоў. Словы для нас не з’яўляюцца прамым выразнікам таго, што ёсць, яны проста дапамагаюць ствараць настрой...





“...Прафесары знаходзяцца ў такім жа жахлівым стане, як і мы...”


ЕРБ: Ці не ўзнікала ў вас жаданне выканаць вашы творы з дапамогай аркестра? Не прапаноўвалі вам нешта падобнае вашы сябры – вядомыя кампазітары? Чым яны вам увогуле дапамагаюць?

В.Э.: Мы можам гэта сабе ўявіць, аднак такое немагчыма, на жаль. Таму што самі прафесары знаходзяцца ў такім жа жахлівым стане, як і мы, то бок, яны толькі і чакаюць, што нехта выканае іх музыку. А дапамагчы яны нам могуць хіба падтрымкай, парадамі, бо ўсё ж такі маюць вялікі слыхавы досвед і часам падказваюць нешта ў прафесійным сэнсе, што тычыцца, напрыклад, інструментальнага балансу... А так дапамогі мы ў іх пакуль не прасілі, ды і не ведаю, што б яны маглі нам прапанаваць. Яшчэ раз скажу, што беларускія кампазітары знаходзяцца ў гаротным стане...

ЕРБ: Ты вучышся на кампазітарскім аддзяленні Акадэміі музыкі. Ці бывае такое, што падчас заняткаў ствараюцца музычныя кавалкі, якія потым становяцца творамі гурта “Рацыянальная дыета”?

В.Э.: Не. “Рацыянальная дыета” і вучоба ў кансерваторыі гэта зусім розныя рэчы... Кансерваторыя заганяе чалавека ў рамкі, якія я для сябе прыняць не магу і ўвесь час спрабую пазбавіцца ад іх. Заняткі, вядома, прыносяць нейкія ідэі, якія я фрагментарна выкарыстоўваю для “Рацыянальнай дыеты”. Творы ж, якія я пішу для кансерваторыі, прызначаны ў асноўным для іспытаў, і пішучы іх мне даводзіцца арыентавацца на тых людзей, якія мяне будуць слухаць, хоць, вядома, я не прыхільнік гэтых правілаў. Ну і мая выкладчыца Галіна Канстанцінаўна Гарэлава мяне разумее і ніколі не прымушае ісці за яе павадком. Яна лічыць мяне дарослым чалавекам і разумее, што нешта мяняць мне бессэнсоўна. Звычайна нашы заняткі адбываюцца ў форме бяседы: мы проста размаўляем і кранаем ноты даволі рэдка...





“Сгорел на работе”


ЕРБ: Давай вернемся на новага дыску. Як ён будзе называцца, калі яго можна будзе патрымаць у руках?

В.Э.: Мы плануем выдаць 100 дыскаў самвыдатам дзеля распаўсюджвання іх на Радзіме. Гэтым летам альбом з'явіцца дзякуючы лейблу «Alt-rock» у Італіі. А называцца па-англійску ён будзе «Аt work», што значыць “за працай” ці “на працы”. На рускай мове назва мае іншае гучанне: “Сгорел на работе”. Мы проста не знайшлі эквіваленту гэтаму цудоўнаму афарызму ў англійскай мове. Калі перакласці літаральна, то ўсе вырашаць, што чалавек на вокладцы — пажарнік, і ён згарэў на працы..





Фота з ўласнага архіва гурта