Расія вінаваціць Беларусь у экспансіі і распачынае “камбайную вайну”?

У Расіі заяўляюць, што беларускія камбайны невысокай якасці і каштуюць у іх на 40 тысяч долараў танней, чым у самой Беларусі, і скардзяцца, што расійскую тэхніку ў нашу краіну зусім не пускаюць. Генеральны дырэктар буйнога расійскага прадпрыемства па вырабу сельгастэхнікі “Ростсельмаш” Валерый Мальцаў звярнуў увагу на “беларускую экспансію” ў Расію.

"У Расію “Гомсельмашам” было прададзена летась 777 збожжаўборачных камбайнаў, больш за 400 — кормаўборачных камбайнаў. Разам з тым ні адзін вытворца Расіі не паставіў у Беларусь ніводнага расійскага камбайна. Відавочная беларуская экспансія. На жаль, вымушаны заўважыць, што іх камбайны невысокай якасці, яны бяруць коштам. Прычым гэты кошт для расійскага рынка дэмпінгавы, але ён датуецца з боку беларускай дзяржавы",— заявіў Мальцаў у інтэрв'ю “Інтэрфаксу”.

Па яго словах, сёлета “Гомсельмаш” перамог ва ўнутраным тэндэры на пастаўку каля 2 тысяч камбайнаў для беларускіх гаспадарак. Прычым адна машына ў нашай краіне каштуе амаль 191 тысячу долараў. А вось у Расіі нашы камбайны каштуюць больш чым на 50 тысяч долараў танней.

“Відавочная датацыя ўласнага вытворцы, што дазваляе знізіць кошты на экспарт,” — мяркуе гендырэктар “Ростсельмаша”.

На "Гомсельмаше" пакуль не чулі гэтай заявы. Праўда, у размове з Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара Васіль Клімянок адзначыў, што гэта не першая рэзкая крытыка з расійскага боку.

Васіль Клімянок: "У сітуацыі з продажам нашых камбайнаў у Расію вельмі шмат бруду выліваецца. Пакуль я не чуў заяваў пра дэмпінгавыя цэны. Але вельмі шмат бруду выліваецца і ў інтэрнеце і "Саюзаграмашам", і некаторымі іншымі арганізацыямі".