Рэпетытар выйграў суд у Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў

4 сакавіка суд Фрунзенскага раёна разгледзеў справу мінскага рэпетытара Аляксея Васілеўскага. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў хацеў спагнаць з рэпетытара штраф за парушэнне аўтарскіх правоў — публікацыю ў інтэрнэце рашэнняў задач рэпетыцыйных тэстаў. Аднак суд не пабачыў у дзеяннях адказчыка парушэння закону.

Як адзначае БелаПАН, Васілеўскі ўжо некалькі гадоў аказвае рэпетытарскія паслугі па фізіцы і матэматыцы. Ён таксама выкладвае ў інтэрнэт рашэнні задач з рэпетыцыйных тэстаў, рэкамендацыі, як правільна праходзіць тэставанне. Гэта і не спадабалася інстытуту.

У судзе прадстаўнік Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў заявіў, што рэпетытар мае карыслівыя мэты — рэкламу і прыцягванне новых кліентаў. Васілеўскі ж растлумачыў, што выкладвае рашэнні задач бясплатна, каб абітурыенты, якія не могуць прайсці платныя рэпетыцыйныя тэсты, загадзя маглі пабачыць, што іх чакае на цэнтралізаваным тэставанні. Адказчык таксама заявіў, што рашэнне задачы не парушае аўтарскія правы інстытута, бо вырашыць задачу можа кожны настаўнік, для гэтага не трэба ўнікальныя метады і творчы падыход.

Суддзя Мікалай Ліпневіч пагадзіўся з довадамі рэпетытара, бо не угледзеў у яго дзеяннях парушэння закона.

На працягу 10 дзён рашэнне суда можна абскардзіць. Прадстаўнікі інстытута заявілі, што скарыстаюцца гэтай магчымасцю.