27 жніўня пачнуцца перадвыбарчыя выступы кандыдатаў у дэпутаты

Час, адведзены на выступы на тэлебачанні — з 19.00 па 20.00, на радыё — з 18.00 да 19.00, інфармуе БЕЛТА. Тыя асобы, якія вылучаюцца ў Мінску, змогуць агучыць сваю праграму па тэлеканале “Беларусь 2” і на радыё “Сталіца”. Астатнія кандыдаты (апроч Мінскай вобласці) выступяць па мясцовых тэле- і радыёканалах. Вылучэнцы ад Мінскай вобласці атрымаюць эфірны час на “СТС” і радыё “Сталіца”.

Апроч выступаў, прэтэндэнты на месцы ў Палаце прадстаўнікоў маюць права публікаваць свае праграмы ў дзяржаўных газетах — “Звязда”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Беларуская ніва”. Можна выбраць адпаведную дзяржаўную абласную газету. Тэкст перадвыбарчай праграмы трэба здаць у рэдакцыю не пазней за 2 верасня на папяровым і электронным носьбіце.