Афіцыйны прафсаюз шахцёраў і нафтавікоў абурыўся ўрадам
Заява Белхімпрафсаюзу з'явілася на сайце афіцыёзнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Гэты прафсаюз аб'ядноўвае работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці. У ім лічыцца больш за 150 тысяч сяброў.
Абурэнне прафсаюзу выклікала эканамічная сітуацыя ў краіне. Урадавы план дзеянняў, на думку аўтараў заявы, не прывядзе да стабільнасці на рынку, а тым больш не дапаможа росту прыбыткаў насельніцтва. "Чынавенскі" план, распрацаваны без удзелу прафсаюзаў і наймальнікаў аўтары заявы называюць недастатковым, а дзеянні ўраду — непрымальнымі.
Белхімпрафсаюз лічыць неабходным найперш павялічыць памеры мінімальнага заробку і дапамогу па беспрацоўі ды па доглядзе за дзіцем. Таксама патрабуецца стабілізаваць сітуацыю на грашова-валютным рынку і знізіць падаткі.