Арцыбіскуп Станкевіч: Нам не хапае пачуцця ўнутранай свабоды
Гэтыя словы прагучалі на каталіцкім фэсце ў Браславе, які праходзіў 17-18 жніўня.
Ён прысвечаны ўшанаванню абраза Маці Божай Браслаўскай, які сярод католікаў лічыцца цудадзейным. Фэст праходзіць у трэція выходныя жніўня, гэта ўжо трэцяе святкаванне такога маштабу.
Свята сабрала некалькі тысяч вернікаў, прычым не толькі з Віцебскай дыяцэзіі. У богаслужэнні прынялі ўдзел святары з розных краіны свету, нават з ЗША і Італіі. Службу вёў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці па-беларуску.
Напрыканцы службы каталіцкія іерархі звярнуліся да беларускіх вернікаў.
“З мінулых дзесяцігоддзяў у нас ёсць глыбокая рана — неразуменне ўласнай каштоўнасці перад Богам”, — сказаў арцыбіскуп з Рыгі Збігнеў Станкевіч і дадаў, што нам, жыхарам постсавецкай прасторы, не хапае пачуцця ўнутранай свабоды.
Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці падзякаваў старэйшаму пакаленню беларусаў: “Мне, які жыў спакойна як хрысціянін і не ведаў пераследу, вы — прыклад. Дзякую старэйшаму пакаленню за тое, што ўтрымалі веру”.