Бабруйчане 20 гадоў жывуць у доме, затопленым фекаліямі (фота)
Адрас нешчаслівага дома — вуліца Крылова, 48а.
Ужо больш за 20 гадоў людзі жывуць у вільгаці і з блохамі, бо сутарэнне пастаянна затопленае каналізацыйнымі адыходамі.
Жыхары пісалі мноства зваротаў у самыя розныя інстанцыі — ад ЖЭСа і да санэпідэмстанцыі, аднак больш за 20 гадоў ім прыходзяць аднатыпныя адказы. Чыноўнікі не хочуць займацца праблемным домам, а людзі жывуць з пастаянным непрыемным пахам, вільгаццю і блохамі.

Жыхарка дома: "Яны паўсюдна! У мяне малое дзіця. І гэта проста жах, калі зранку малы бяжыць па дыване, а адтуль скачуць блохі! Мы іх выводзілі, але плёну няма — яны ўсё адно з'яўляюцца з гэтага смярдзючага падвала. Таксама вельмі шмат камароў, бо вільготнасць вельмі высокая".
Ад вільготнасці ў кватэрах пастаянна адклейваюцца шпалеры, у пакоях хутка нарастае грыбок і налёт. У пакоях заўжды пахне тхлінай і фекаліямі.

Жыхарка дома: "Мы спрабавалі выклікаць санстанцыю. Але яны кажуць: прыбярыце прычыну з'яўлення блох і камароў — і тады мы прыедзем і выведзем іх. А так — які сэнс іх выводзіць, калі жыжа ў падвале засталася? Я казала начальніку ЖЭУ-10, каб прыйшоў да мяне ў госці і змену адрацаваў пры зачыненых фортках!.. Тады б зразумеў".
Жыхары кажуць, што дому ўжо 23 гады і трубы перастаюць выліваць каналізацыйныя адкіды толькі 3 месяцы на год — зімой падчас маразоў. У астатнія 9 месяцаў года вось ўжо больш як 20 гадоў сітуацыя не змяняецца.
Ад вільгаці дарослыя і дзеці нашмат часцей хварэюць на бранхіт, а зранку рукі і ногі ў іх нярэдка пакусаныя блохамі.
