Беларусь хоча аднавіць сумесную праграму з МВФ
Гэтую заяву зрабіла старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон.
Прадстаўнікі нашай краіны прымалі ўдзел у штогадовым пасяджэнні Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка. Форум сабраў прадстаўнікоў ключавых фінансавых і эканамічных ведамстваў, а таксама вядучых сусветных бізнес-структур, перадае БЕЛТА са спасылкай на тэлеканал ОНТ.
Надзея Ермакова лічыць, што цяпер ужо можна весці з МВФ наўпроставую размову пра аднаўленне сумеснай праграмы. Эксперты арганізацыі ацэньваюць сітуацыю ў эканоміцы краіны як станоўчую. Тыя вынікі, што дасягнутыя і ў гаспадарцы, і ў грашова-крэдытнай палітыцы, у стабілізацыі нацыянальнай валюты, яны лічаць вынікам правільных захадаў, з улікам рэкамендацый МВФ.
Вядучыя рэйтынгавыя агенцтвы таксама зрэагавалі на перамены ў беларускай эканоміцы. Напрыклад, Standard & Poor's змяніла прагноз па краіне з “негатыўнага” на “стабільны”.
На сённяшні дзень МВФ не заяўляе пра гатоўнасць весці перамовы з Беларуссю пра новую праграму. 6 красавіка Мінск пакінула прадстаўнік Фонду Наталля Калядзіна, якая працавала тут цягам трох год. Дасылаць у краіну новага чалавека на гэту пасаду арганізацыя не плануе, выканаўцам абавязкаў прадстаўніка стаў Марк Ален.
Напярэдадні ад’езду Наталля Калядзіна заявіла, што не бачыць пакуль перадумоваў для новай праграмы МВФ у Беларусі. Прычым гэта звязана не з палітычнымі праблемамі ва ўзаемаадносінах краіны з Еўрасаюзам. На практыцы любая праграма можа быць падтрыманая фондам, але ж яго эксперты не бачаць крыніцаў для запланаванага ў Беларусі эканамічнага росту. У іх выклікаюць сумневы эканамічны рост на 5-5,5%, зніжэнне інфляцыі да 19-22%. Таксама МВФ не вітае дзяржаўнае рэгуляванне коштаў, да якога ўлады вярнуліся ў канцы мінулага года.
Наталля Калядзіна таксама нагадала, што Міжнародны валютны фонд не выдае крэдыты на рэструктурызацыю ранейшых запазычанасцяў. Яго мэта — макраэканамічная стабілізацыя, пры дасягненні якой краіна зможа аддаць крэдыт.