Беларусь — у парадку дня сесіі Савета ААН па правах чалавека

18 чэрвеня ў Жэневе пачалася 20-я сесія Савета ААН па правах чалавека, якая пройдзе да 6 ліпеня. У раскладзе працы мноства тэмаў: культурныя правы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, адукацыя, наваколле, тэрарызм і шмат якія іншыя.

Разгляд даклада Вярхоўнага камісара ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яго абмеркаванне дэлегацыямі краінаў запланаваныя на 27 чэрвеня.

Нагадаем, 14 ліпеня 2011 Савет ААН па правах чалавека прыняў спецыяльную рэзалюцыю па Беларусі, дзе запытаў Высокага прадстаўніка падрыхтаваць адмысловы даклад па краіне. У рэзалюцыі Савет ААН выяўляў глыбокае занепакоенне пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, заклікаў беларускі ўрад спыніць рэпрэсіі, вызваліць і рэабілітаваць палітычных зняволеных. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі толькі дэлегацыі Кітая, Кубы, Эквадора, Нігерыі і Расіі.