Другі дзень запар у Беларусі абнаўляюцца тэмпературныя рэкорды

27 снежня дзённая тэмпература паветра склала ад 8 да 11 градусаў вышэй за нуль. Гэта на 11-13 градусаў вышэй за норму, паведамляе БелаПАН.

Дзённыя максімумы абноўлены ў сталіцы ва ўсіх абласных цэнтрах. У Мінску паветра прагрэлася да 9,4 градуса. Ранейшы рэкорд - плюс 5,9. Ён быў усталяваны ў 1974 годзе.

Цяплей за ўсё было ў Слуцку - 10,9 градуса. Тут пабіты рэкорд не толькі дня (3,7 ў 1988 годзе), але і месяца (10,8 градуса 3 снежня 1947 г.).

Днём раней у Мінску быў пабіты рэкорд 31-гадовай даўніны. Тэмпература паветра склала 6,4 градуса цяпла - на 1,1 градуса больш максімум, зафіксаваны ў 1980 годзе.