Дзюдаістаў, якія атруціліся ў Ляхавічах, выпісваюць з лякарні
10 з 13 шпіталізаваных спартоўцаў выпісалі з лякарні сёння.
Як піша "Іntex-press", у панядзелак 9 студзеня ў Ляхавіцкую лякарню паступілі 13 чалавек з дыягназам "гастраэнтэрыт". Усе яны — удзельнікі III міжнароднага семінара па дзюдо для юнакоў.
Лекары адзначылі, што ўжо ў аўторак стан 10 чалавек здавальняючы, і іх сёння выпісалі. Трое юных дзюдаістаў застануцца пад медыцынскім назіраннем да 11 студзеня.
Прычына захворвання пакуль невядомая. Першапачаткова меркавалася, што расійскія спартоўцы атруціліся ежай у мясцовай кавярні. Аднак арганізатары адмаўляюць такую прычыну. Па іх словах, у той самай кавярні елі ўсе 67 спартоўцаў з Расіі, а захварэлі толькі 13 чалавек, якія ўваходзілі ў адну каманду.