ЕС рыхтуе эканамічныя санкцыі ў адносінах да афіцыйнага Мінска

Еўрапейскія дыпламаты рыхтуюць дадатковыя санкцыі ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі ў адказ на першыя судовыя прысуды ў адносінах да ўдзельнікаў падзей 19 снежня і паведамленні пра ўжыванне супраць іх катаванняў з боку КДБ. Пра гэта са спасылкай на дыпкрыніцы паведамляе брусэльскае выданне EUobserver.

"Новыя санкцыі накіраваны на дзяржаўныя фонды і прыватныя прыбыткі кіраўніцтва Беларусі і не акажуць фінансавага ўздзеяння на эканоміку краіны і кампаніі Латвіі, Літвы, Галандыі і Польшчы, якія працуюць у Беларусі", - піша EUobserver.

Гаворка ідзе пра абмежавальныя меры ў адносінах да прадпрыемстваў "Белнафтахім" і "Трайпл", занятых у экспарце нафтапрадуктаў, экспарцёру ўзбраення "Белтэхэкспарт" і пастаўшчыку калійных угнаенняў "Беларуськалій". Па меркаванню еўрачыноўнікаў, частка прыбытку гэтых прадпрыемстваў застаецца ў кішэнях беларускай наменклатуры.

Еўрасаюз можа таксама пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы на яго тэрыторыі павінны быць замарожаны.

"Пытанне аб спісах пастаянна разглядаецца, і ў іх могуць быць унесены папраўкі ў святле новай інфармацыі і развіцця падзей", — паведаміў БелаПАН супрацоўнік прэс-службы вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Эштан падкрэсліла, што "ЕС працягвае ўважліва сачыць за паслявыбарнай сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку за судамі, і будзе і далей рабіць намаганні для вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных". Яна настойліва заклікала "беларускія ўлады забяспечыць справядлівы і адкрыты суд для ўсіх асоб, якія абвінавачваюцца за іх ролю ў прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года, у тым ліку за ўдзел у дэманстрацыях пасля выбараў".