Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначылі Божае Нараджэнне
У ноч на 25 снежня ва ўсіх касцёлах Беларусі прайшлі калядныя імшы.
Напярэдадні свята арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся з пастырскім пасланнем да вернікаў. У ім ён сказаў, што ў свеце спажывання чалавек не павінен забываць аб духоўных каштоўнасцях і духоўных каранях.
Рымска-каталіцкая царква Беларусі ўключае 470 парафій і чатыры епархіі. Каталікі маюць 462 касцёла і будуюць 28 храмаў. Па афіцыйных звестках, забяспечанасць вернікаў касцёламі складае больш за 96%, паведамляе БелаПАН. Гэта самы высокі паказчык сярод усіх канфесій.
У краіне таксама дзейнічаюць 14 уніяцкіх парафій і 997 пратэстанцкіх суполак 14 кірункаў.