Кіраўнік упраўлення "К": мне прыйшоў СМС, што я выйграў мільён!
Палкоўнік міліцыі Ігар Чарненка распавёў пра працу свайго падраздзялення, якое дзейнічае ў структуры МУС ды раскрывае злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій.
У пачатку лістапада Следчы камітэт па матэрыялах упраўлення "К" распачаў крымінальную справу ў адносінах магістра тэхнічных навук. Мужчына стварыў шкодную праграму, якая блакавала кампутары і патрабавала ў карыстальнікаў грошы за разблакіроўку. Па словах Ігара Чарненкі, зламыснік карыстаўся метадамі канспірацыі і шыфравання, выкарыстоўваў шматлікія sim-карты, зарэгістраваныя на іншых асобаў.
На некаторых падобных кібер-злачынцаў альбо і цэлыя групы праваахоўнікам даводзіцца паляваць па некалькі гадоў.
Кіраўнік упраўлення "К" прызнаўся ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня", што захоўвае ў сваім мабільным тэлефоне СМС, які калісьці атрымаў ад махляроў. У ім паведамляецца, што ён выйграў мільён, верагодна, долараў.
Фота — runyweb.com