Лукашэнка адпрэчыў прапанаваную міністрам формулу падтрымкі спорту

Міністр Алег Качан прызнаў, што ў спартовых клубах існуе ўтрыманства, маюць месца неабгрунтаваныя выплаты звышзаробкаў. Міністр спорту прапанаваў увесці адзіны парадак рэгулявання аплаты працы ў клубах, якія атрымліваюць ад дзяржавы падтрымку. Як паведамляе "Прессбол", ён прапанаваў увязаць заробкі з памерам тарыфнай стаўкі I разраду, што зацвярджаецца ўрадам.  

Аднак Лукашэнка палічыў недастаткова аргументаванай прапанаваную сістэму дзяржпадтрымкі. Па яго словах, няма чаго ўблытвацца ў дзейнасць клубаў. Памеры заробкаў, маўляў, павінен вызначаць сам клуб. А дзяржава павінна пытацца, якая аддача ад укладзеных ёй сродкаў.   

Дзяржпадтрымка клубам ажыццяўляецца пераважна за кошт спонсарскай дапамогі юрыдычнымі асобамі. Іх пералік зацвярджае ўрад па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы. Наўзамен юрасобам даюцца пэўныя палёгкі па выплаце падаткаў. Да 1 студзеня 2011 года клубы па гульнявых відах спорту часткова фінансаваліся таксама за кошт сродкаў бюджэту.