Любоў Кавалёва можа падаць у суд на БТ за фільм “Метро”
Маці расстралянага па абвінавачанні ў тэрарызме Уладзіслава Кавалёва разглядае магчымасці такога судовага пазова.
Фільм выйшаў на тэлеэкраны 11 красавіка, да ўгодкаў выбуху на станцыі "Кастрычніцкая". Любоў Кавалёва і сябар іх сям'і, віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда зафіксавалі больш за 20 эпізодаў у гэтым фільме, дзе аўтары спрабуюць маніпуляваць грамадскай свядомасцю. Свой аналіз відэаматэрыялаў яны даслалі кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, паведамляе сайт spring96.org
Любоў Кавалёва лічыць, што на яе сына, а таксама на іншага фігуранта справы, Дзмітрыя Канавалава, паспяшаліся навешаць ярлыкі нягоднікаў і насачынялі няпраўды. Напрыклад, яны заяўляюць пра схільнасць Уладзіслава Кавалёва да суіцыду. У фільме таксама выкарыстоўваюць нават тыя палажэнні, што былі аспрэчаныя ў судзе.
Жанчына ў лісце да кіраўніка БТ патрабуе, каб былі раскрытыя прозвішчы аўтараў фільму, бо ён выйшаў ананімным: няма цітраў з прозвішчамі рэжысёра, сцэнарыста, аператараў і асобы, якая чытае закадравы тэкст.