Мінэканомікі: Хацелася б і насельніцтву даць доступ да валюты
Дваістасць курсу беларускага рубля ў якасці доўгатэрміновай меры з'яўляецца сумнеўнай.
Пра гэта заявіў 20 красавіка намміністра эканомікі Антон Кудасаў, перадае ПРАЙМ-ТАСС. "Бо з пункту гледжання эканомікі існаванне двух курсаў выклікае вельмі шмат пытанняў", — патлумачыў ён.
Паводле намміністра, "той жа замежны гандаль трэба ацэньваць, зыходзячы з таго, як мы глядзімся ў сусветнай гаспадарцы, а калі ў нас больш за адзін курс, то мы не будзем мець зразумелай карціны".
"Аднак калі гэта пераходная мера, то трэба пазначаць параметры гэтага пераходу — калі і да чаго мы прыйдзем", — дадаў Кудасаў.
Намміністра адзначыў, што "сёння вельмі важна таксама растлумачыць насельніцтву, што адбываецца, бо міжбанкаўскі валютны рынак — гэта не той рынак, дзе валюту набывае насельніцтва". "Хацелася б і насельніцтву даць доступ да валюты", — сказаў ён.