Мінчук разбіў чужую машыну, каб пазнаёміцца з жанчынай

38-гадовы мінчук, вяртаўся ўвечары дадому пасля застолля. Пабачыўшы за рулём машыны жанчыну, ён вырашыў пазнаёміцца з паненкай. Спыніўшыся перад капотам аўтамабіля, кавалер прыняўся выкрыкваць жанчыне кампліменты і адпаведныя прапановы, інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі. Аднак жанчына не захацела знаёміцца з мінчуком. Адмовілася яна і ад прапановы паднесці сумкі да кватэры.

Праз гадзіну жанчына з мужам хацела на машыне з'ездзіць у краму. Але пабачыла неспадзяванку: лабавое шкло аўтамабіля было цалкам разбітае, а выдраныя шклоачышчальнікі ляжалі на зямлі. Гаспадары выклікалі міліцыю. У чаканні праваахоўнікаў гаспадыня села ў машыну. А разам з ёй у салон легкавушкі прысеў і нядаўні залётнік.

Як выявілася, мужчына не змірыўся з няўдачай падчас знаёмства і нагамі выбіў у машыне лабавое шкло. Праўда, пазнаёміцца з уладальніцай аўто яму ўсё-ткі не ўдалося. Яго затрымалі міліцыянты. Цяпер няўдаламу кавалеру пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фота з сацыяльных сетак