Міністра юстыцыі Польшчы просяць заступіцца за Каваленку
Дэпутат Еўрапарламенту Марэк Мігальскі накіраваў ліст міністру Яраславу Говіну.
Міністра папрасілі выказаць салідарнасць з беларускім палітвязнем і заступіцца за яго перад арганізацыяй Amnesty International. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Марэка Мігальскага.
Як вядома, Amnesty International не прызнала Сяргея Каваленка вязнем сумлення. Маўляў, паводле словаў супрацоўнікаў беларускай міліцыі, Каваленка падчас затрымання супраціўляўся. Арганізацыя гатовая паверыць словам міліцыянтаў, таму не будзе пакуль што называць Каваленку вязнем сумлення. Аднак Марэк Мігальскі не губляе надзею пераканаць праваабарончую арганізацыю прызнаць Каваленку бязвінна асуджаным.
Нагадаем, актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку ў лютым прыгаварылі да 2 гадоў і 1 месяца калоніі за парушэнне ўмоваў адбыцця "хатняй хіміі". Папярэдні прысуд ён атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.