Новага кіраўніка КДБ Лукашэнка назваў "Зайцавым у квадраце"

Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, адстаўка папярэдняга кіраўніка Вадзіма Зайцава выкліканая нездаровым маральна-псіхалагічным становішчам у асобных падраздзяленнях КДБ: "Яна выкліканая недахопамі ў арганізацыі як кадравай, так і ідэалагічнай працы, а таксама перакосамі пры забеспячэнні ўласнай бяспекі". Перамены ў кіраўніцтве Камітэта Лукашэнка патлумачыў настроямі сярэдняга і ніжэйшага звяна супрацоўнікаў КДБ.

Новага кіраўніка КДБ Лукашэнка назваў "Зайцавым у квадраце". Па яго словах, Вакульчык — гэта чалавек "без лішніх заносаў, без галавацяпства, чалавек, нацэлены на прафесіяналізм, адзін з нешматлікіх, хто жалезабетонна ведае, чаго хоча прэзідэнт ад КДБ".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заступіўся і за экс-старшыню КДБ Зайцава. "Можа, ён і непрыдатны, але не таму, што ён дрэнна служыў. Ён па-свойму разумеў свае задачы. Больш таго, ён разам з вамі вырашаў гэтыя задачы, і на асобных кірунках вельмі эфектыўна", — заявіў Лукашэнка. Па яго словах, Зайцаў без працы ў краіне не застанецца.

Фота Вадзіма Зайцава — profi-forex.org