Па справе Бярозаўскай ДРЭС падазронымі называюць чыноўнікаў "Белэнерга"
А таксама "Белэнергазабеспкамплекта".
Следчы камітэт працягвае расследаванне крымінальнай справы па факце зрыву тэрмінаў пастаўкі і ўводу ў эксплуатацыю паратурбіннай устаноўкі для рэканструкцыі Бярозаўскай ДРЭС.
Як паведамляе БелаПАН, папярэдняе следства старанна вывучае ўсе аспекты падпісання дамовы на пастаўку турбіны. Следчыя збіраюць доказы як у Беларусі, так і на тэрыторыі Расіі ды Украіны.
Следства мяркуе, што чыноўнікі Міністэрства энергетыкі, кампаніі "Белэнергазабеспкамплект" і канцэрна "Белэнерга" дапусцілі службовую нядбайнасць. Падазраванымі па справе прызнаныя шэраг службовых асоб "Белэнерга" і "Белэнергазабеспкамплекта". Яны не належным чынам выконвалі свае абавязкі. У выніку дамова на пастаўку абсталявання была падпісаная з кампаніяй, якая раней паратурбінныя ўстаноўкі заяўленых параметраў не вырабляла. Таксама кампанія па сваіх фінансава-эканамічных паказчыках не магла гарантаваць выкананне дамоўных абавязанняў у вызначаныя тэрміны.
Фота — brestobl.com