Пакуль "Хавер" заносіў Беларусь снегам, Унутраныя войскі святкавалі юбілей
18 сакавіка ўнутраныя войскі МУС адзначаць 95-годдзе. Святочныя мерапрыемствы адбыліся 15 сакавіка, калі краіну заносіла снежная бура.
Між тым, у выратаванні людзей і ліквідацыі наступстваў цыклона "Хавер" у Беларусі было задзейнічанае войска. Напрыклад, па рашэнні Пухавіцкага райвыканкама 5-я брыгада армейскага спецназу забяспечвала гарачым харчаваннем і гарбатай людзей, якія загрузлі на трасе. У некаторых вайсковых частках быў арганізаваны начлег для людзей, піша "Народная Воля".
А вось міліцэйскі спецназ не палічылі патрэбным прыцягнуць да выратавання людзей. У каментары сайту Onliner.by аператыўны дзяжурны Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі заявіў, што такая задача ім не паступала.
Пра тое, што ўнутраныя войскі адзначаюць свой юбілей і святкуюць, стала вядома сёння зранку з паведамленняў беларускага радыё. Святкаванне ладзілася ў Цэнтральным доме афіцэраў. Там адбыліся ўрачысты збор, канцэрт, банкет.