Палітвязня Ігара Аліневіча ўзяла пад апеку дэпутатка Бундэстагу
Марылуіза Бэк раней была апекуном Андрэя Саннікава, якога вызвалілі 14 красавіка сёлета.
Кампанію “Шэфства над палітвязнямі” ініцыявала летась нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights". У сваёй заяве аб апякунстве над Аліневічам Марылуіза Бэк указвае, што яе “падшэфны” быў выкрадзены невядомымі асобамі падчас яго знаходжання ў Маскве і быў дастаўлены ў КДБ Беларусі. У часе допытаў у дачыненні да падследнага ўжывалі недазволеныя фізічныя і псіхалагічныя захады, падчас суду, які асудзіў маладога беларуса на 8 гадоў зняволення, назіраліся сур'ёзныя парушэнні канстытуцыйных прынцыпаў.
“Я не падзяляю ідэі "анархістаў" у Беларусі “, — цытуе Марылуізу Бэк Радыё Свабода. — Тым не менш, гэтыя людзі маюць права разлічваць на захаванне канстытуцыйных прынцыпаў у разглядзе іх справаў. Улічваючы, што гэта ў Беларусі не выконваецца, я вырашыла стаць яго "апекуном". Я патрабую вызвалення Ігара Аліневіча і справядлівага расследавання справы”.