Паўсотні брэстаўчан на сходзе пратэставалі супраць новабудоўлі

Новы жылы дом хочуць паставіць паміж дамамі з меншай колькасцю паверхаў. Ён з'явіцца на месцы знесенай кацельні па вуліцы Карбышава. Мясцовыя жыхары скардзіліся ў розныя інстанцыі. Аблвыканкам загадаў чыноўнікам сабраць людзей і патлумачыць сітуацыю. Удзельніца схода Аляксандра Касьянчук кажа Еўрарадыё:

Касьянчук: "Наша меркаванне выслухоўваецца, але да чыноўнікаў проста не даходзіць. Яны разумеюць, але ў іх у галовах толькі “дом, будзем будаваць, ушчыльненне”. Галоўная прычына, чаму я супраць гэтага дома: ён будзе замінаць нашым дзецям адпачываць. Ён тут недарэчы".

Жыхары наракаюць, што будзе занадта вузкі праезд, месцаў для паркоўкі аўтамабіляў стане менш, чым кватэраў. Акрамя таго, давядзецца адсунуць дзіцячую пляцоўку і зусім адмовіцца ад зялёнай зоны.

Чыноўнікі ж кажуць, што квартал “не дацягвае да стандартаў шчыльнасці амаль 50 адсоткаў”. Яны пагражаюць спагнаць з пратэстоўцаў кошт зносу кацельні. Маўляў, яны скардзіліся раней на гэты “рассаднік заразы і начлежку для бамжоў”, інвестар знёс яе з умовай пабудовы дома. Калі дом не будаваць, то трэба аддаваць грошы. Называецца сума большая за мільярд рублёў.