Польскі амбасадар: Крытыка сітуацыі ў Беларусі не змова супраць краіны
Крытыка Беларусі з боку заходніх краін і міжнародных арганізацый не з'яўляецца змовай супраць краіны.
Пра гэта заявіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка 16 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Па яго словах, якія перадае БелаПАН, свет адкрыта кажа, што думае пра сітуацыю ў Беларусі, а рашэнне застаецца за беларусамі.
Пры гэтым Шарэпка падкрэсліў, што для паляпшэння адносін Беларусі з Захадам вылучаюцца мінімальныя ўмовы. Ён адзначыў, што Беларусь павінна развівацца паводле дэмакратычных стандартаў, якія ёсць у статуце ААН. Тым больш, што наша краіна з'яўляецца адной з яе заснавальніцаў.
Таксама амбасадар заявіў, што Еўрасаюз па-ранейшаму гатовы да супрацоўніцтва з Беларуссю.