Прадстаўнікі ЕС сустракаліся ў Мінску з чыноўнікамі і апазіцыянерамі

Яны сустрэліся з прадстаўніком Міністэрства замежных спраў, актывістамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а таксама з акрэдытаванымі ў Мінску амбасадарамі краін Еўрасаюза. Візіт адбыўся з ініцыятывы еўрапейскага боку, паведамляе БелаПАН.

У МЗС Джон К'яер і Стэфан Трэсінг сустрэліся з начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Раманам Раманоўскім. Гаворка ішла пра ўзаемаадносіны Беларусі і ЕС.

З апазіцыянерамі прадстаўнікі ЕС абмяркоўвалі перспектывы развіцця еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі і маніторынг сітуацыі перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі. Было падкрэслена, што пытанне вызвалення палітвязняў не знята з парадку дня. На сустрэчы прысутнічалі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Сяргей Калякін, Аляксей Янукевіч, Аляксандр Атрошчанкаў ды іншыя.

Па выніках візіту ў Мінск еўрапейскія прадстаўнікі падрыхтуюць даклад аб сітуацыі ў Беларусі, які будзе пакладзены ў аснову рашэнняў Савета міністраў краін ЕС адносна нашай краіны.

Фота — bymedia.net