Пракуратура: Міліцыянты не ламалі нагу Кастусю Жукоўскаму
Пракуратура Гомельскай вобласці разгледзела скаргу мясцовага апазіцыянера на неправамерныя дзеянні міліцыянтаў пры яго затрыманні.
Кастуся Жукоўскага затрымалі 21 верасня з прымяненнем фізічнай сілы. Яго даставілі ў ІЧУ, адкуль пасля скаргаў на боль у назе павезлі ў лякарню, нагадвае БелаПАН. Медыкі тады не знайшлі ў Жукоўскага траўмаў. 22 верасня актывіста асудзілі на 15 сутак арышту і ў той самы дзень яго зноў паказалі лекарам. Толькі тады канстатавалі пералом нагі.
Жукоўскі быў упэўнены, што яму нанеслі гэтае пашкоджанне пры затрыманні. Аднак у адказе з пракуратуры пазначана, што фізічную сілу міліцыянты прымянялі правамоцна, перавышэння ўлады дапушчана не было. А лекар, які аглядаў апазіцыянера, нібыта сказаў, што пералом быў, але двухтыднёвай даўніны.