П'яны падлетак угнаў аўто на вачах ва ўладальніка і даішнікаў

Казус адбыўся каля 23 гадзін 20 чэрвеня каля вёскі Калектыўнае ў Полацкім раёне, перадае БЕЛТА. Аўтамабіль "Опель-Зафіра" стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння. Супрацоўнікі ДАІ з уладальнікам іншамаркі ў некалькіх метрах ад машыны афармлялі пратакол. 


Тым часам па дарозе ў Наваполацк ішоў нецвярозы 17-гадовы юнак. Пабачыўшы на ўзбочыне аўтамабіль з ключамі запальвання і незачыненымі дзвярыма, малады чалавек вырашыў праехаць рэшту шляху. Ён сеў за руль і на вачах ва ўсіх пакаціў у напрамку Наваполацка.


Даішнікі адразу ж кінуліся даганяць угоншчыка. Пабачыўшы за сабой пагоню, юнак кінуў чужую машыну, а сам пабег. Няўдалага ўгоншчыка вылавілі з балотца і пачалі на яго крымінальную справу.